Вячоркі, вечарынкі, вечарушкі, супрадкі, попрадкі, хвацеры — гэта характэрная для славян сезонная форма правядзення моладзевага вольнага часу ў асенне-зімовы перыяд. Пачыналіся вячоркі пасля заканчэння летне-асенніх палявых работ, а кульмінацыя іх прыходзілася на каляды.
Першыя вячоркі звычайна прымяркоўваліся да аднаго з вялікіх восеньскіх святаў. Збіраліся дзяўчаты малымі групамі (“сваім кругам”) у кожнай з сябровак па чарзе. Вячоркам папярэднічалі запрашэнні – увечары на апошніх вячорках альбо ў дзень перад вячоркамі. Уладкоўваліся яны і ў буднія, і нядзельныя дні. Увосень вячоркі збіраліся ўвечары, а ў святкі пераносіліся на дзённы час.
Калі ўжо палявыя работы завершаны, галоўную ролю набывала жаночая хатняя праца. Таму час вячорак дзяліўся на працоўны, калі дзяўчыны ў адзіноце шылі, пралі, вязалі, ціха размаўлялі, спявалі працяглыя песні, і марны — зносіны з хлопцамі. Асноўным жаночым заняткам гэтага перыяду было прадзенне (пралі ў буднія дні за выключэннем пятніцы). Кожная дзяўчына несла з сабою прасніцу альбо калаўрот. Пралі пад наглядам старэйшай жанчыны ў хаце. Потым да дзяўчат далучаліся хлопцы. Прыход іх на вячоркі быў рытуальна аформлены: уваходзілі гуртам, на парозе кланяліся, здымалі шапкі і віталіся з прысутнымі дзяўчатамі. Каб прыцягнуць хлопцаў на вячоркі, дзяўчыны звярталіся да магічных прыёмаў: раскідалі сцяжынкі ад ганка да дарогі, мялі ад парога да чырвонага кута смецце, пакінутае хлопцамі ад папярэдняй вячоркі, крычалі ў трубу. Юнакі прысутнічалі на вячорках ў якасці гасцей, у адзін вечар яны маглі наведаць некалькі вячорак. Каб затрымаць іх у сябе, дзяўчыны клалі ў печ апалонік, верачы, што пакуль ён у печы, хлопцам не сысці з хаты.
На вячорках распавядалі цікавыя здарэнні, паданні, загадвалі загадкі, спявалі. Гаспадыня хаты, дзе праходзілі вячоркі, гатавала вячэру.
Пад канец вячорак ладзілі танцы. Музыкаў спецыяльна не наймалі. Паіграць для танцаў мог хто-небудзь з прысутных хлопцаў. У нядзелю і святочныя дні дазваляліся гульні. Гулялі ў “Фанты”, “Кальцо”, “Явар”, “Рэпу” і да т. п.
Такім чынам, вячоркі – гэта неад’емная частка грамадскага жыцця вясковай моладзі таго часу.
г. Могилев, ул. Циолковского, 13.
Телефон: +375 22 277 57 41
E-mail:
Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.